Свята квітнеючай вясны адзначылі пад Пінскам

 4 мая 2018, 11:47
 9339

У пачатку красавіка ў Пінску пачало працаваць аматарскае аб'яднанне “Палескі шлях”.

Сярод удзельнікаў суполкі — вядомыя ў горадзе майстры-рамеснікі: кавалі і разьбяры па дрэве, ганчары і сталяры, прадстаўнікі творчай інтэлігенцыі і выкладчыкі, а таксама ўсе тыя, каму неабыякавы лёс беларускага Палесся.

"Мы хочам адраджаць і прывіваць любоў да нашага унікальнага краю, дзе перапляліся розныя культуры славянскіх народаў", – распавёў у інтэрв'ю для нашага сайта адзін з удзельнікаў аб'яднання Аляксей Наздрын.

— 2018 год у нашай краіне аб'яўлены годам малой радзімы, тое, што такое аб'яднанне ўзнікла менавіта цяпер — вельмі сімвалічна", — падкрэсліў Аляксей Наздрын.

Асноўныя мэты аматарскага аб'яднання — гэта адраджэне традыцыйных палескіх рамёстваў, народных абрадаў і свят, акрамя таго арганізацыя майстар-класаў з удзелам вядомых на Палессі рамеснікаў, навучанне моладзі з мэтай раскрыцця творчых здольнасцей і традыцыйных маральных каштоўнасцей.

У сваю першую сустрэчу ўдзельнікі аб'яднання вырашылі правесці свята “Чырвоная горка", якое азначае адраджэнне, перамогу жыцця над смерцю, вясны над доўгай зімой. Сутнасць свята — сустрэча і прывітанне вясны ў яе поўнай сіле і прыгажосці. У даўнія часы лічылі, што прырода да гэтага дня ўжо цалкам знаходзіцца ва ўладзе яркай квітнеючай вясны, а наперадзе чакае працоўная гарачая пара і збор ураджаю.

Актывістамі арганізацыі быў распрацаваны сцэнар з элементамі старадаўніх вясновых абрадаў. Удзельнікі тэматычнай імпрэзы апрацоўвалі раллю, хадзілі за плугам і сеялі збожжа будучага ўраджаю. Сустрэлі маладога Ярылу на белым кані і пасваталі яго з прыгажуняй-вясной Лёляй. Вяселле, зразумела, было сімвалічным і больш нагадвала тэатралізаваную дзею, а вось карагоды і вясёлыя гульні былі самыя шчырыя. Госці свята прынялі ўдзел у старадаўніх народных карагодах “Явар" і “Баяры".



На свяце прысутнічала шмат сямейных пар, большасць прыйшлі з дзецьмі. Для хлопчыкаў і дзяўчынак было арганізавана катанне на конях, рухомыя гульні. А мужчын чакалі сапраўдныя забавы волатаў, сярод якіх спаборніцтвы на моц, кіданне бервяна, молата, конкурсы, у якіх можна праявіць свой спрыт і кемлівасць.


Усіх стомленых у спаборніцтвах чакаў "пір гарой". Сярод пачастункаў, у асноўным, натуральныя і традыцыйныя прадукты: кулічы, пірагі, гародніна і садавіна. Своеасаблівым фіналам свята было прыгатаванне агульнай яечні. Кожны ўдзельнік мерапрыемства выбіў прынесенае з сабой яйка на вялікую бляху, пасля чаго усімі любую страву падсмажылі на агні і з вялікім задавальненнем паспыталі.



У найбліжэйшы час прадстаўнікі суполкі прымуць удзел у гарадскім фестывалі вулічнага мастацтва "Пинская пешеходка", адкрыццё якога адбудзецца 9 мая на вуліцы Леніна. 18 мая падчас святкавання сусветна вядомай акцыі "Ноч музеяў" творчая суполка запрашае пінчукоу на "Палескі кірмаш".


Интересная новость? Поделись с друзьями!

PINSK.EU, новости Пинска