Клічам вясну разам са “Znich”

 23 марта 2016, 9:38
 4364

У Мінску ў клубе RE:PUBLIC 20 сакавіка адбыўся штогадовы " Фэст вясновага раўнадзенства 2016", які па значнасці стаіць побач з такімі вядомымі беларускімі фестывалямі, як " Купальскае кола" і "Калядны фэст" .

У ім прынялі ўдзел фолк-метал гурты "Alfar", “Folcore", " Trollwald", "Znich", "Omut", а таксама калектыў студэнцкага этнаграфічнага таварыства "Рутвіца".

Назва і час правядзення фестывалю бяруць свае вытокі з народнай традыцыі. Асаблівай пашанай у нашых продкаў карыстаўся той момант руху сонца, калі дзень раўняўся з ноччу і з гэтага часу пачынаў павялічвацца, святло пачынала перемагаць цемру, калі надыходзіў доўгачаканы перыяд пацяплення і абуджэння прыроды. Менавіта да дня вясновага раўнадзенства прымяркоўвалі пачатак новага года.

У гэтым годзе арганізатары прысвяцілі свята двацаццігодзю існавання гурта "Znich". Па гэтай прычыне на ўваходзе ў клуб стаяла велізарная ваза с цудоўнымі цукеркамі “Знічкамі", якімі мог пачаставацца кожны жадаючы.


Зайшоўшы ў залу, гледачоў вітаў гурт “Рутвіца", які выконваў абрадавыя вясьнянкі. Можна заўважыць, што музыкальнага суправаджэння ў гурта не было, усе песні выконваліся а-капэлла. Цудоўнае зліцце галасоў прыгожых дзяўчын радавала вуха і кранала душу.


Наступным на сцэне з'явіўся viking death metal гурт "Alfar". Хлопцы з'явіліся з размалеваннымі тварамі ў стылі ваенных. Мала будзе сказаць, што гэта было пафасна, але на разагрэў сойдзе. Выступ быў станоўчы. У канцы іх блоку гледачы пачалі “разагравацца", але віншавальнай песні для імяніннікаў так пачута і не было.


Пасля “Альфароў" падыйшла чарга да шаманаў беларускіх лясоў - гурта “Folcore". Наваяўленая салістка гурта Эльвіра, якая адначасова з'яўляецца салісткай гурта "Omut", не зусім упісвалася ў гэтую банду, але гэта не перашкаджала ім разгайдоўваць натоўп. Проста стаяць ніяк не атрымлівалася, людзі пачалі слэм. Асобна трэба адзначыць кавер на песню ZNICH «Чорны Зніч». Словы былі пакладзены на кампазіцыю Sepultura "Roots , bloody roots».


Асаблівай увагі заслугоўвае дудар групы, які выкарыстоўваў свой інструмент у якасці гітары. Яго энергія была асабліва ўзбударажваючай.


Далей павысіць тэмпературу ў зале ўзяўся гурт " Trollwald". Паслухаўшы гэты гурт, я магу сказаць, што голас саліста адзін у адзін падобен да голаса Валерыя Кіпелава, таму іх я назвала “Беларускай Арыяй", хоць стылі ў іх вельмі розныя. Вялікі шум зрабіў іх падарунак, прызначаны гурту "Znich". У лепшых жартоўных традыцыях хлопцы ўзялі песню “Крыжы - абярэгі" гурта "Znich" і зрабілі на яе кавер “Беляшы-чэбурэкі". Гледачы ўзарваліся ад эмацыянальнага наплыву. Гэта было нечакана.


І вось у полі зроку з'яўляецца гурт "Omut", у які ўсе гледачы гатовы акунуцца з галавою. Хачу нагадаць, што гэты гурт з'яўляецца штогадовым жаданым госцем на фестывалі рок-музыкі “Жалезны карнавал",які ўжо традыцыйна праходзіць у Пінску. Лічу, што выступ “Омутаўцаў" стаў кульмінацыйнай часткай свята. Гурт выканаў свае лепшыя кампазіцыі, а таксама прадставіў дзве новыя песні - «Шыбуй» і “Брама".


У якасьці віншаванкі для “Znich" гурт разам з Алесем Таболічам заспяваў песню “Шэры гусі". Нязвыкла было чуць другі голас, але ж песні ён не сапсаваў.


Злавіўшы саліста гурта пасля выступу, мне ўдалося ледзь паразмаўляць з ім.

- Добры вечар, Алесь. Як прайшло сенняшнее ваша выступленне?

- Добры вечар. Добра прайшло. Практычна усё была так, як планавалася.

- Што вы будзеце рабіць пасля свята?

- Спаць пайду, не выспаўся, вельмі многа часу мы рэпетыравалі новыя песні.

- Адкажыце, калі ласка, вы запісваеце новы альбом!?

- Новы альбом пакуль што толькі ў праэкце, але есць ідэя з міні-альбомам, таму паглядзім, мабыць нешта вымалюецца хутка.

- Раскажыце пра новыя песні, якія вы сення выконвалі.

- Адна песня была цалкам новая… ну як новая, тэкст быў даўно напісаны і мелодыя паспела. Зрабілі, выканалі. А другая - “Брама", мы яе ў Пінску ўжо гралі. Яна новая для Мінску. Мы спачатку лепшым людзям граем, а пасля так…

- Значыць Пінск быў першым, а Мінск ужо так, на потым?

- Ну дык Пінск – сталіца Палесся, адразу пасля Драгічына канечне.

- А Вы з Драгічына?

- Так!

- Добра! Скажыце, Алесь, а чы прыедзеце Вы да нас у Пінск і калі?

- Калі паклічаце, тады і прыедзем. У Пінск – заўседы!

- А хацелі б Вы, каб у нас у Пінску праводзіліся такія фестывалі?

- Мы заўседы-заўседы толькі “за", і нават болей можна сказаць: няхай лепш меньш праводзіцца ў Мінску такіх фэстаў, а больш ў астатніх гарадах, гэта будзе значна лепей.

- Што б вы хацелі пажадаць гурту “Znich", які святкуе двацаццігоддзе?

- Я хачу пажадаць добрага настрою, маладосці, творчых поспехаў, шмат імкненняў, каб яшчэ столькі ж год існавалі, а можа і больш.

- Вялікі дзякуй Вам!

- Гэта Вам дзякуй! Чакайце нас у Пінску! "

Вось будзем чакаць гурт "Omut" у нашай палесскай сталіцы.

У заключэнні вечара быў самы смак – выступленне гурта-імянінніка “Znich". Гурт сыграў свае лепшыя кампазіцыі і парадаваў фанатаў песняй з новага альбому “Дунаю", пад якую быў паказаны іх кліп.



Таксама не абыйшлося без кранальных момантаў. Алесь Таболіч, які з'яўляецца салістам гурта, запрасіў на сцэну ўсіх удзельнікаў гурта, якія толькі былі за 20 год. На сцэне апынулася каля 15 чалавек. Усе разам яны выканалі песню “Язычнік я". Гэта было вельмі прыгожа, і глядзелася маштабна. Пасля гэтага Алесь падзякаваў усім, хто прыйшоў на свята і запрасіў усіх на фестываль “Купальскае кола", які адбудзецца 25 – 26 чэрвеня.



Вечар праляцеў вельмі хутка і незаўважна, але будзе што ўспомніць - эмоцыі, драйв, адрэналін. Было вельмі цікава. Гледачы атрымалі непаўторную насалоду ад гучання беларускіх інструментаў, звонкіх галасоў і басовага гроўла.

Росквіту і мастацтва імянінніку – гурту “Znich". З 20-годдзем!

Спецкорр - Яугенiя Кавалевiч

Интересная новость? Поделись с друзьями!

PINSK.EU, новости Пинска